ГАРНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спуск на лыжах па спец. абсталяваных на горных схілах трасах з дакладным фіксаваннем часу спуску. Уключае спаборніцтвы па слаламе, слаламе-гіганце, скарасным спуску, а таксама двухбор’е (слалам і скарасны спуск) і трохбор’е (усе дысцыпліны). Слалам — спуск па трасе даўж. 450—500 м, з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 60—150 м. Траса размечана варотамі (шыр. 3,5—4 м, адлегласць паміж імі ад 0,7 да 15 м), праз якія павінны праехаць спартсмены. За пропуск варот ці перасячэнне іх адной лыжай слаламіст падлягае дыскваліфікацыі. Скорасць на трасе да 40 км/гадз. Пераможца вызначаецца па суме часу 2 спроб на розных трасах. У слаламе-гіганце даўж. трасы 800—2000 м, перапад вышынь 200—500 м, шыр. варот да 8 м, адлегласць паміж імі 15—20 м. Скорасць праходжання трасы да 65 км/гадз. У мужчын пераможца вызначаецца па суме часу ў 2 спробах на 2 розных трасах, у жанчын 1 спроба. Скарасны спуск па трасе даўж. 2000—4000 м з перападам вышынь 500—1000 м. Шлях лыжніка вызначаецца рэльефам і размешчанымі на трасе варотамі. Скорасць 100 і болей км/гадз.
Першыя правілы гарналыжнага спорту распрацаваны ў 1922 англічанінам А.Лунам. Першыя спаборніцтвы (скарасны спуск) адбыліся ў 1923 у Швейцарыі. З 1930 праводзяцца чэмпіянаты свету па гарналыжным спорце, з 1936 ён у праграме Алімпійскіх гульняў. З 1966 штогод разыгрываецца Кубак свету. Найб. пашыраны гарналыжны спорт у Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, ФРГ, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе і інш. Сярод вядомых майстроў — трохразовыя алімпійскія чэмпіёны Т.Зайлер (Аўстрыя), Ж.К.Кілі (Францыя), уладальнікі Кубка свету І.Стэнмарк (Швецыя), А.Томба (Італія) і інш. З развіццём сусв. індустрыі турызму вельмі папулярным, у т. л. на Беларусі, стаў аматарскі гарналыжны спорт. На Беларусі першыя спаборніцтвы па слаламе праведзены ў 1939, цэнтр падрыхтоўкі бел. гарналыжнікаў — спорткомплекс Раўбічы. Як асобную гарналыжную дысцыпліну вылучаюць фрыстайл.
Г.К.Кісялёў.
т. 5, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)